Адукацыйныя праекты Руху Беларускай Салідарнасці

КАНФЕРЭНЦЫЯ «БЕЛАРУСКАЯ МОЛАДЗЬ — 2022: ПАМІЖ ВАЙНОЙ І ВЫГНАННЕМ»

Пасля падзей 2020 года ў Беларусі вырасла роля моладзевых арганізыцый, болей за тое, значна павялічвалася іх колькасць, што спрыяла развіццю грамадзянскай супольнасці. Але, нажаль, большасць ужо існуючых і новых арганізацый былі вымушаны працягваць сваю працу за межамі Беларусі. Іх праца дагэтуль вельмі актуальна сярод беларускіх студэнтаў: у Беларусі зараз знаходзіцца болей за 50 студэнтаў-палітвязняў, а з-за пачатку вайны Расеі супраць Украіны, дзе рэжым Лукашэнкі з’яўляецца суагрэсарам, беларускім рэпрэсавам студэнтам прыйшлося змагацца за сваё навучанне і жыццё ў іншых краінах.


Каб даведацца, хто і чым з беларускай моладзі зараз займаецца, з якімі праблемамі сутыкаецца і якія выклікі бярэ на сябе, мы вырашылі правесці канферэнцыю, на якую запрасілі больш за 40 чалавек. Гэта былі студэнты, моладзевыя актывісты і прадстаўнікі арганізацый.

Пачалася канферэнцыя з хвіліны маўчання ў памяць загінулых падчас пратэстаў у Беларусі і на вайне ва Украіне. Потым прадстаўнікі моладзевых арганізацый, такіх як «Студэнцкая прысутнасць», «Вольны прафсаюз студэнтаў БДУ», «Задзіночанне беларускіх студэнтаў» і іншых, распавялі пра сваю дзейнасць.

На панэлі «Маладая Беларусь па-за краінай: разарваныя сувязі ці новыя магчымасці» удзельнікі мерапрыемства прайшлі апытанку і ў тым ліку паразважалі, наколькі моладзь у выгнанні можа адчуваць сябе беларускай і выступаць ад яе імя.

Апроч гэтага, да канферэнцыі далучыліся спікеры Аліна Коўшык, Павел Латушка, Віталь Рымашэўскі, Зміцер Геріловіч і Аляксандр Паршанкоў, каб абмеркаваць ролю беларускай моладзі ў працы дэмакрачных сілаў Беларусі і адказаць на пытанні прысутных. Дзякуючы гэтай сустрэчы, модадзь змагла расказаць аб сваіх праблемах і быць пачутай.

Напрыканцы сустрэчы удзельнікі дамовіліся стварыць працоўную групу і прыняць рэзалюцыю канферэнцыі, а таксама правялі дыскусію на тэму «Дыскрымінацыя ў акадэмічнай сферы: метады супрацьстаяння».